МИНСКАЯ УРБАНИСТИЧЕСКАЯ ПЛАТФОРМА

Суседскія супольнасці і якасць гарадскога асяроддзя ў Беларусі: запыты і іх дынаміка ў 2021

Прастора беларускага горада дзесяцігоддзямі мела шэраг устойлівых асацыяцый, што адрознівалі яе ў тым ліку ад суседніх краін. Старанна афарбаваныя паверхні, прыбранае з падстрыжаных газонаў лісце, пара-тройка лавак — гэты жыллёва-камунальны стандарт стаў класічным для беларускіх двароў. Ён пазіцыянаваўся як дастатковы, а праблематызаваўся нячаста, і амаль ніколі — у публічнай сферы. У той жа час даследаванні не песцілі нас інфармацыяй пра тое, што найбольш важна ў гарадскім асяроддзі — і асабліва на прыдваравых тэрыторыях — для саміх гараджан_ак.
Апошнія два гады ў жыллёва-камунальным плане былі адзначаны актыўнасцю беларуса_к. З аднаго боку, гараджане праявілі значны інтарэс да якасці гарадскога асяроддзя ў раёнах свайго пражывання і непасрэдна каля будынкаў ,а таксама зрабілі мноства спроб палепшыць гэтае асяроддзе, пераважна за ўласныя сродкі і ў асабісты час. З іншага боку, назіраўся ўсплёск суседскіх актыўнасцяў, звычайных для краін з высокім ўзроўнем жыцця і індэксам чалавечага развіцця, але раней нетыповых для Беларусі: ад пікнікоў і дзіцячых святаў да канцэртаў, спартовых захадаў і лекцый.

Такая ініцыятыўнасць — рэдкі падарунак для тых, хто зацікаўлены разумець запыты гараджан_ак і паляпшаць горад у адпаведнасці з гэтымі запытамі. У міжнароднай практыцы ўключанае назіранне, апытанні жыхароў, фокус-групы з імі і іншыя формы даследчай увагі палегчылі і зрабілі б больш эфектыўнымі высілкі горада (упаасобку, планавальных і горадабудаўнічых інстытуцый, гарадской адміністрацыі, камунальных службаў) па паляпшэнні гарадскога асяроддзя. Аднак у Беларусі рост мікралакальнай актыўнасці па правядзенні вольнага часу і добраўпарадкаванні амаль адразу быў зведзены на нішто сістэмным гвалтам і арганізаваным вандалізмам. Суседскія супольнасці — галоўным чынам змушана — пераключыліся ў сваёй камунікацыі на іншыя тэмы. Застаўся невывучаным запыт жыхароў і жыхарак гарадоў Беларусі — якімі яны хацелі б бачыць свае пад'езды і двары, інфраструктуру мабільнасці і вольнага часу ў іх, зялёныя зоны паблізу і г. д., а таксама якія формы ўзаемадзеяння яны б абралі пры наяўнасці выбару.

Фокус даследавання

Асобным аспектам суседскіх супольнасцей у гарадах Беларусі ўжо надавалася ўвага і раней. Так, вывучалася, як беларусы і беларускі ўяўляюць сабе гарадскі ўдзел — актыўнасці з мэтай зрабіць горад зручнейшым для жыцця паводле сваіх ідэй, а таксама якім тэмам прысвечаны імкліва ўзніклыя ў 2020-м лакальныя чаты. Наша даследаванне асвятляе бягучыя змены запыту да якасці гарадскога асяроддзя і, у прыватнасці, да таго, што называюць сваімі дварамі — да прастор прыдамавых, утвораных суседнімі будынкамі, прыналежных жылкомплексу, ці папросту бачных з акна — сярод суполак людзей, што жывуць у адным ці некалькіх шматкватэрных дамах побач.
Так мы задаліся наступнымі пытаннямі:
наколькі актыўна ў Беларусі 2021 года гараджане і гараджанкі, уключаныя ў мікралакальныя супольнасці (суседзяў і суседак, двара, шматкватэрнага дома, жылкомплексу і г. д.), цікавяцца такімі аспектамі ўрбанізму, як якасць, даступнасць і бяспека гарадскога асяроддзя, яго прыстасаванасць для правядзення вольнага часу, добраўпарадкаванасць, а таксама самакіраванне і ўдзел у прыняцці рашэнняў па гэтых аспектах;
якія аспекты якасці гарадскога асяроддзя, асабліва дваравой і прыдамавой тэрыторыі, аказваюцца найбольш важнымі для гэтых супольнасцей;
адкуль удзельнікі і ўдзельніцы суседскіх супольнасцей спажываюць інфармацыю на ўрбаністычныя тэмы і як яна цыркулюе;
наколькі гараджане і гараджанкі гатовы сёння спрабаваць удзельнічаць у паляпшэнні гарадскога асяроддзя і што ўплывае на такую гатовасць.
Для працы з дадзенай тэмай мы свядома адмовіліся ад асвятлення шырэйшага беларускага кантэксту і сфакусаваліся на пытаннях матэрыяльнага, утылітарнага плана. Мы разумеем выдаткі такога падыходу, але прытрымваемся яго дзеля бяспекі ўсіх бакоў даследавання.

Метадалогія збору дадзеных

Наша метадалогія збору дадзеных — наўмысна змяшаная, з упорам на якасныя метады: анкеты з паўзакрытымі спісамі адказаў (калі ёсць варыянт «іншае»), экспрэс-інтэрв'ю, маніторынг суседскіх чатаў. Вясной 2021 анкетаванне прайшлі 608 чалавек. Другую анкету, пры тым жа алгарытме распаўсюду, запоўніла ўдвая менш людзей (292). Мяркуючы па адказах, на гэта паўплывалі зрастанне страху, песімізм і фрустрацыя ад структурных перашкод удзелу ў гарадскім жыцці ў цэлым — такіх як рэпрэсіі, невыкананне законаў з боку дзяржінстытутаў, пандэмія. Характэрна, што ў восеньскім апытанні жаночы гендар указалі 67%, а мужчынскі 25% ад анкетаваных (у вясновым падобны дысбаланс: 65 і 32%, адпаведна; не ўказалі адказу 3% вясной і 8% увосень).

Таксама мы правялі 13 інтэрв'ю агульнай даўжынёй каля сямі з паловай гадзін з сярэдняй працягласцю больш за паўгадзіны. Аналізуючы дадзеныя, мы выдзялялі ключавыя катэгорыі ў адказах. У нашым праекце ёсць і элементы лангіцюднага (то бок даўгачаснага) даследавання — анкетаванне праводзілася з інтэрвалам у паўгода і мела чатыры кантрольныя пытанні. Дзякуючы гэтаму мы можам казаць пра дынаміку запыту на гарадское асяроддзе ў 2021 годзе.

Па фармальных крытэрыях даследаванне не можа прэтэндаваць на статыстычную рэпрэзентатыўнасць — анкеты былі даступныя толькі анлайн, а аўдыторыя вясновага і восеньскага анкетавання адрозніваецца больш чым удвая. Тым не менш, мы атрымалі арыгінальны і сур'ёзны па аб'ёме матэрыял пра амаль не вывучаныя аспекты добрасуседства і стаўлення да горада ў беларускім грамадстве.

Што лічыць «суседскай супольнасцю»?

Спытаўшы ў анкеце, каго людзі прылічаюць да суседскай супольнасці, мы сутыкнуліся з рознымі разуменнямі гэтага панятку. Часцей за ўсё (51%) суседская супольнасць азначала проста ўсіх тых, хто жыве ў дварах дома (і толькі 11% атаясамлялі прыналежнасць да супольнасці з удзелам у чаце). Некаторыя суразмоўцы, наадварот, адзначалі, што «не ўсіх можна адразу прылічыць да супольнасці»; жыццё ў геаграфічнай блізкасці не стварае кам'юніці аўтаматычна.
Каго вы для сябе прылічаеце да суседняй супольнасці?
Некаторыя суседскія супольнасці арганічна ўзніклі некалькі гадоў таму; іх існаванне не патрабуе анлайн чату, а знікненне такога чату не прыводзіць да знікнення супольнасці. У той жа час нават звыклыя формы добрасуседства могуць сёння асэнсоўвацца ў новых катэгорыях. Так, у адказах пра важнасць супольнасцей, згадваліся адказнасць, грамадзянская супольнасць, прыняцце рашэнняў, самакіраванне, узаемадапамога, адзінства, кансалідацыя — то бок запыт на супольнасць злучаны не толькі з вырашэннем утылітарных пытанняў, але і са сфармуляванымі каштоўнасцямі.

Ёсць і тыя, хто, па ўласных словах, у супольнасцях не знаходзяцца, але зацікаўлены ў рознай актыўнасці: па нашых назіраннях/вымярэннях гэта адбываецца там, дзе жывуць людзі пераважна пенсійнага ўзросту.

Рэспандэнт_кі бачаць адрозненні паміж рознымі відамі супольнасцей ці рознымі групамі ўнутры супольнасцей — яны могуць выдзяляцца не толькі па ступені залучэння, але і па характары інтарэсу. Найчасцей называліся фармулёўкі, што паказваюць на актыўную пазіцыю гараджанаў і гараджанак — ініцыятыўная група, актыў, каманда, «ініцыятыўныя людзі». Гэтак жа выдзялялі ўнутры супольнасці і групы тых, хто, напрыклад, рэгулярна разам гуляе ў гульні ці займаецца спортам.

Ці цікавая ўрбаністыка суседскім супольнасцям?

Адной з мэтаў даследавання было разуменне таго, наколькі ўрбаністычная тэматыка актуальна для дваравых супольнасцей у наяўным кантэксце. Першасны маніторынг адкрытых пляцовак, дзе камунікуюць суседзі і суседкі, паказаў, што эканамічны крызіс, а таксама пандэмія, страх рэпрэсій і гвалту на вуліцах закранаюцца найчасцей, у той час як разнастайнасць абмяркоўваных тэм змяншаецца.

Для многіх суседскіх супольнасцей пытанні двара і горада ўсё адно застаюцца актуальнымі. Аднак колькасна вызначыць, якую частку паведамленняў у суседскіх чатах займае ўрбаністычная тэматыка, не толькі складана, але і бессэнсоўна. Рэч у тым, што такая лічба не дапамагла бы прэзентаваць ніводную канкрэтную суседскую супольнасць: недзе тэма жылога асяроддзя выцеснена цалкам, а недзе займае большую частку абмеркавання. У гэтым плане, кантрасты паміж асобнымі супольнасцямі ў 2021, відавочна, узрастаюць.

Што з умоўна ўрбаністычнай тэматыкі — тэм, злучаных з выкарыстаннем і паляпшэннем гарадскога асяроддзя — найболей хвалюе рэспандэнтаў і рэспандэнтак? Часцей за ўсё, гэта пытанні гарадскога ўдзелу (31 %), дабраўпарадкавання (28%) і наладжвання камунікацыі з суседзямі і суседкамі (26%).
Больш за ўсё пытанняў у мяне ўзнікае ў сферы:
Пад гарадскім удзелам мы маем на ўвазе не толькі формы самаарганізацыі суседзяў — такія як таварыствы ўласнікаў і органы тэрытарыяльнага самакіравання (мясцовае самакіраванне ў вузкім сэнсе), — але і іншыя магчымасці ўплываць на рашэнні пра жылое асяроддзе: напрыклад, наведванне публічных абмеркаванняў, унясенне прапаноў у адказныя органы, правядзенне апытанняў і г. д. Рэспандэнт_кі адзначалі, што немагчымасць удзельнічаць у прыняцці рашэнняў і кантролі над зменамі ў дваровай прасторы пазбываюць іх пачуцця датычнасці і ўспрымання двара сваім. Пры гэтым большасць рэспандэнт_ок адзначылі, што выступаюць за тое, каб жыхары і жыхаркі абмяркоўвалі і прымалі рашэнні з нагоды свайго двара, а гарадскія службы дапамагалі выконваць гэтыя рашэнні (78%). Альтэрнатыўныя варыянты — з асноўнай роллю гарадскіх службаў у прыняцці рашэнняў пра жылое асяроддзе — выбралі ўсяго 20%.
Наколькі павінна залежаць ад жыхароў і жыхарак стан двара?
Радзей сярод рэлевантных для гараджан_ак урбаністычных пытанняў называліся юрыдычныя. Галоўным чынам яны датычыліся арганізацыі калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КОТГС, рус. — КОТОС) або таварыстваў уласнікаў жылля (ТУЖ, рус. — ТСЖ), а таксама напісання зваротаў у дзяржорганы ці службовым асобам. Важна сказаць, што і да жніўня 2020 года ўстойлівыя супольнасці ўжо існавалі працяглы час. Людзі былі змушаны аб'ядноўвацца вакол праблем, такіх як капітальны рамонт ці няякасныя камунальныя паслугі.

На сёння некаторыя хацелі б афіцыйна зарэгістраваць свае супольнасці ў форме ТУЖ ці КОТГС. Сярод названых матывацый — самастойна афіцыйна замацаваць свой статус неабыякавай да жыцця раёна суполкі і сваімі сіламі спрабаваць палепшыць двор. Хоць у гараджан_ак ёсць запыт на ўдзел у мясцовым самакіраванні і аб'яднанне ў прадугледжаных законам формах, патрэба ўзаемадзейнічаць з бюракратыяй усё адно выклікае турботу і страх. Апроч таго, рэспандэнт_кі адзначалі жаданне ствараць орган самакіравання «з нуля», а не далучацца да ўжо існых органаў са старшынёй, «прызначаным зверху».

На аснове атрыманых адказаў у тэме добраўпарадкавання можна вылучыць некалькі генеральных падтэм. Лідзіруе азеляненне, напрыклад, пасадка дрэваў і кустоў, і догляд за імі, кантроль за пакосам травы ў летні час. Далей, супольнасці цікавяцца прасторамі для баўлення часу рознымі групамі жыхароў і жыхарак двара, такімі як: пляцоўкі для дзяцей і падлеткаў, спортпляцоўкі, прасторы для зносінаў з суседзямі і суседкамі, пляцоўкі для ўласнікаў і ўласніц сабак і іншыя. Яшчэ адна група тэм звязана з уладкоўваннем і паляпшэннем інфраструктур, напрыклад, стварэннем інклюзіўнага асяроддзя, арганізацыяй інфраструктуры для ровараў і выгулу сабак, дапамогай бяздомным жывёлам, вырашэннем пытанняў паркоўкі і раздзельнага збору смецця і інш. Асобна можна вылучыць будаўнічыя і рамонтныя пытанні, напрыклад, правядзенне капітальнага рамонту дома; ініцыяванне рамонту ці рэканструкцыі дарог, грамадскіх прастор, усталёўванне малых архітэктурных форм і іншых аб'ектаў, а таксама кантроль за іх правядзеннем.

Камунікацыя, як унутры супольнасцей, гэтак і ў цэлым з суседзямі і суседкамі, таксама часта згадвалася ў адказах. Нярэдка казалі пра безыніціятыўнасць у супольнасці або адсутнасць кам'юніці — у сувязі з гэтым людзі цікавяцца, як сабраць ініцыятыўных суседзяў і суседак, як заматываваць на змены ў двары, як дамаўляцца і дасягаць кансенсусу. Апроч таго, большасць адказалі, што пачалі камунікаваць з суседзямі і суседкамі пасля ўступання ў чаты, таму таксама прыярытэт маюць пытанні анлайн-камунікацыі: як мадэраваць чаты, як прымаць рашэнні анлайн, як палепшыць разуменне ў перапісцы. У анкетах згадваліся і «афлайнавыя» пытанні вырашэння бытавых канфліктных сітуацый з сусед_камі (шум, затапленне і г. д.) . Такім чынам, мы дагэтуль можам казаць пра высокі попыт на супольнасць і камунікацыю ў ёй.


Мы паспрабавалі зразумець наколькі інтарэс да горада канвертуецца ў дзеянне або ж застаецца «абстрактным» чытаннем і праглядам кантэнту «для кругагляду». Адказы паказалі, што жыхары і жыхаркі гарадоў найперш факусуюцца на практычным вырашэнні пытанняў з іх штодзённага жыцця. Менавіта пры пошуку практычных вырашэнняў рэспандэнт_кі пачынаюць вывучаць урбаністычныя тэмы. Радзей здараюцца і зваротныя сітуацыі: некаторыя інфармант_кі фонава спажываюць кантэнт папулярных урбаністычных рэсурсаў, а потым спрабуюць (ці плануюць паспрабаваць) ужываць атрыманыя веды на практыцы.

Адкуль суседскія супольнасці чэрпаюць інфармацыю, звязаную з паляпшэннем двара?

Мы пыталіся ў рэспандэнта_к, які медыякантэнт на ўрбаністычную тэматыку яны спажываюць. У ненавінавым сегменце пераважаюць расійскія Youtube і Telegram-каналы пра ўрбаністыку: Іллі Варламава, Максіма Каца, Аркадзія Гершмана, Андрэя Елбаева. Значна радзей упамінаецца беларускі урбан-кантэнт. У асобных выпадках згадваюцца ўкраінскія і англамоўныя матэрыялы. Нарэшце, трапляліся і такія варыянты, як атрыманне ўрбаністычных ведаў падчас падарожжаў, гутаркі з супрацоўніцай ЖЭУ і Telegram-канал раённага дэпутата.
Дзе вы чэрпаеце інфармацыю, звязаную з паляпшэннем двара?
Мы таксама пацікавіліся, якім чынам рэспандэнт_кі даведваюцца пра навіны свайго раёна: сустрэчы, імпрэзы, лекцыі, дзіцячыя святы, спартовыя турніры і інш. Найчасцей у якасці асноўных навінавых каналаў называліся чаты ў Telegram, Viber і іншых месенджарах. Афлайнавая камунікацыя («сарафаннае радыё») стала выкарыстоўвацца радзей у апошнія месяцы, але не знікла. Таксама згадваліся разнаякія друкаваныя медыя — ад улётак і аб'яў да газет раёна/двара (як зарэгістраваных, гэтак і самвыдатаўскіх). Такім чынам, інфраструктура цыркуляцыі ведаў і лакальных навін з умоўна ўрбаністычнага сегмента вельмі дэцэнтралізавана, мы не назіраем у Беларусі з'яўлення манаполіі на інфармацыю пра ўрбанізм.

Актыўнасці ў суседскіх супольнасцях

Нас цікавіла, якія адбываюцца актыўнасці па выкарыстанні, абжыванні і паляпшэнні дваравай, прыдамавой, міждамавой прасторы. Удакладнім, што мы разглядалі менавіта тыя актыўнасці, якія або ажыццяўляліся, або як мінімум калектыўна абмяркоўваліся і асвятляліся ў суседскай супольнасці. Нягледзячы на неспрыяльныя для ўдзелу ўмовы, у супольнасцях дагэтуль ёсць вельмі актыўныя жыхары і жыхаркі. Пры гэтым у суседскай павестцы абсалютна пераважаюць праблемна-арыентаваныя і камунальна-бытавыя пытанні; а нізавая арганізацыя вольнага часу і культурнага жыцця ў 2021 адціснута на перыферыю.

1. Камунікацыя з дзяржаўнымі органамі

Часцей за ўсё — калі казаць пра актыўнасці па паляпшэнні асяроддзя свайго пражывання — суседская супольнасць кансалідуецца і выкарыстоўваецца для вырашэння праблем жыллёва-камунальнага абслугоўвання. Разам пішуцца пісьмовыя звароты: чыноўнікам і органам гарадскога і раённага ўзроўню, запыты на правядзенне забаўляльных захадаў, юрыдычную кансультацыю. Пры гэтым спектр тэм зваротаў досыць шырокі: ад уціхамірвання трафіка на раёне і своечасовага вывазу смецця (а таксама арганізацыі яго раздзельнага збору) да стварэння пляцоўкі для выгулу сабак і ўсталёўкі пандуса ля пад'езда, дзе жыве некалькі людзей з інваліднасцю. У анкетах згадвалі, што многія пісьмовыя і тэлефонныя звароты застаюцца без адказу або атрымваюць адмоўную рэакцыю. Аднак электронныя звароты, у прыватнасці заяўкі на 115.бел, у цэлым выконваюць сваю функцыю. Тэксты такіх заявак і іх вынікі абмяркоўваюцца суседскімі суполкамі калектыўна. Тое ж адбываецца са званкамі ў абслуговыя арганізацыі, выканкамы і гарадскія службы.
У асобных выпадках людзям з суседскіх супольнасцей удалося паўдзельнічаць у грамадскіх слуханнях або ініцыяваць сустрэчы з адмыслоўцамі. Адна з супольнасцей змагла ўладкаваць дыскусійную пляцоўку са старшынёй мясцовай рады дэпутатаў, сабраўшы праблемныя пытанні і абмеркаваўшы магчымасці іх вырашэння.

2. Гарызантальная лакальная ўзаемадапамога

Сюды ўваходзіць абмен парадамі, кантактамі і рэчамі; запыты на дапамогу (фінансавую, выкананне работ), часовае карыстанне суседскімі рэсурсамі, вербальную падтрымку. Важнае месца ў практыцы добрасуседства займае дапамога бяздомным і згубленым жывёлам: часам для гэтага ёсць асобныя лакальныя чаты, што выраслі з суседскіх кам'юніці. Супольнасці разам займаюцца прыбіраннем, упарадкаваннем, упрыгожаннем прасторы пражывання: уладкоўваюць пляцоўку для выгулу і трэнавання сабак; удзельнічаюць у пасадках дрэваў, ствараюць кветнікі і клумбы. Яны таксама выходзяць на суботнікі ў двары і паркавыя тэрыторыі.

3. Забаўляльныя актыўнасці

Сярод арганізаваных суседскімі супольнасцямі забаўляльных актыўнасцей найбольш пашыраны спартыўныя: раённыя і дваровыя турніры па валейболе, футболе, баскетболе. Нам расказвалі і пра адзінкавыя выпадкі дзіцячых, сямейных захадаў, святочных вечарын, арганізаваных віншаванняў і лекцый для супольнасці. Разам з тым, многія адзначалі, што нават такія звычайныя формы супольнага правядзення часу на вуліцы як чаяванне, пікнік ці шпацыр выклікалі ў рэспандэнта_к і іх сусед_ак боязі і трывогу праз размытасць межаў дазволенага і законнага.

Важна адзначыць, што многія актыўнасці ў дваровых супольнасцях Беларусі, спачатку адкрытыя для ўсіх і публічныя, у 2021 вымушана, праз небяспеку на вуліцах і ў дварах, перайшлі ў анлайн, а пазней і ў паўпрыватную ці прыватную сферу закрытых чатаў. З абмеркаванняў на адкрытых медыяпляцоўках ясна, што закрытыя суседскія суполкі таксама зацікаўлены ў якасным гарадскім асяроддзі, аднак мы не маніторылі іх у рамках гэтага даследавання.

4. Самаадукацыя, абмен інфармацыяй і меркаваннямі па урбан-тэматыцы

Перадусім, гэта абмеркаванні: найболей часта абмяркоўваюцца добраўпарадкаванне, азеляненне, грамадскія прасторы, паркоўкі, будаўніцтва, канфліктныя сітуацыі. Апроч таго, у суседскіх супольнасцях адбываецца абмен ведамі: радзей афлайн, часцей анлайн. Суседзі і суседкі мяняюцца кнігамі, брашурамі, спецыялізаванай літаратурай пра ўрбанізм, прыкладамі з замежнай і часам беларускай практыкі. У адным з даследаваных намі выпадкаў супольнасць самастойна арганізуе лекцыі на тэмы, якія набіраюць больш за ўсё галасоў у іх апытанні. У іншым выпадку суседскае кам'юніці вывучае стратэгічнае планаванне, каб выпрацаваць візію развіцця свайго раёна.

Што замінае паляпшаць жылое асяроддзе па сваёй ініцыятыве і суседскімі сіламі?

У анкетах згадвалася вялікая колькасць разнастайных фактараў, што перашкаджаюць паляпшаць суседскую жылую прастору ў Беларусі і арганізоўваць у ёй жаданыя актыўнасці. На аснове адказаў мы выдзялілі наступныя групы перашкод (размясціўшы іх у парадку змяншэння папулярнасці):
структурныя, сярод якіх заканадаўчыя абмежаванні, спалучэнне крызісаў у асноўных сферах жыцця за апошнія паўтара года, прэцэдэнты рэпрэсій у адказ на практычна любую ініцыятыву, эміграцыя актыўных удзельнікаў і ўдзельніц, складанасці ўзаемадзеяння з дзяржорганамі і службовымі асобамі (невыкананне правілаў працы са зваротамі грамадзян, ігнараванне лістоў і званкоў і г. д.); пры гэтым мы бачым, што сярод супольнасцей у 2021 годзе ўпаў запыт на юрыдычнае замацаванне статусу (з 20% да 9%), хоць пры гэтым вырас запыт на незалежную экспертную дапамогу (з 28% да 35%);
камунікатыўныя, напрыклад, нізкая або завысокая («флуд») актыўнасць у чатах, канфлікты ўнутры супольнасцей на тэму актуальнасці дваровых змен у часы так званага «прававога дэфолту», цяжкасці з пошукам кансенсусу паміж людзьмі з рознымі запытамі і патрэбамі;
псіхаэмацыйныя, напрыклад, страх каральнасці кожнай ініцыятывы, адчуванне небяспекі, трывогі, апатыі, дэпрэсіі; безыніцыятыўнасць унутры супольнасці, выгаранне;
сацыякультурныя, напрыклад, канфлікты на глебе несупадзення поглядаў, а таксама паміж людзьмі з розных сацыяльных груп; адсутнасць культуры добрасуседства і вывучанае перакладванне адказнасці.
З аб'ектыўных прычын (адсутнасць інструментаў уплыву і ўдзелу ў працэсах прыняцця рашэнняў) цяжэй за ўсё дваравым супольнасцям спраўляцца са структурнымі перашкодамі. Аднак нават ва ўмовах прававога дэфолту ў краіне ўдзельнікі і ўдзельніцы супольнасцей імкнуцца вырашаць дваровыя або гарадскія праблемы ў рамках прававога поля, ужываючы законныя інструменты грамадзянскага ўдзелу: грамадскія абмеркаванні, сустрэчы са службовымі асобамі, звароты ў дзяржорганы, адкліканне дэпутатаў і інш.

Як людзі самі адзначалі ў анкетах, узаемадзеянне з суседзямі ў 2020 годзе выклікала шмат пытанняў і цяжкасцяў. Імаверна, гэта выклікана адсутнасцю камунікатыўных звычак і культуры добрасуседства. Аднак менавіта з праблемамі камунікацыі супольнасці з часам навучыліся спраўляцца найбольш эфектыўна: з дапамогай такіх інструментаў, як мадэрацыя, усталяванне правілаў перапіскі ўнутры чатаў, правядзенне галасаванняў у супольнасці з нагоды вострых канфліктных пытанняў.

Што да сацыякультурных і псіхаэмацыйных перашкод, то для іх пераадольвання найбольшую ролю граюць суседскія зносіны і ўзаемадапамога: падбадзёрванні, абмен станоўчымі эмоцыямі, пазітыўнымі навінамі і думкамі, розныя спосабы матывацыі і натхнення (у прыватнасці, праз канкрэтныя прыклады поспеху, дасягненняў ці невялікіх змен, якія удалося здзейсніць супольнасцям), аказанне матэрыяльнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі, абмен парадамі і інш.

Выяўленыя трэнды

Для выяўлення трэндаў у дваровых супольнасцях мы скарысталі два інструменты: кантрольныя пытанні і пытанне пра тое, якія тэндэнцыі і змены рэспандэнт_кі самі заўважылі за перыяд правядзення намі даследаванні (з красавіка па кастрычнік 2021 года).

Падчас аналізу кантрольных пытанняў было выяўлена, што за паўгода не змяніліся тры фактары, якія больш за ўсё турбуюць дваровыя супольнасці: безыніцыятыўнасць унутры супольнасці, адсутнасць супольнасці як такой і небяспека гвалту на вуліцах. Аднак змяніліся працэнтныя суадносіны: калі раней больш за ўсё турбавала менавіта адсутнасць супольнасці, то па выніках восеньскага апытання на першы план выходзіць безыніцыятыўнасць.
Што вас турбуе больш за ўсё ў вашым дваровай супольнасці сёння?
Цікава, што ўвосень менш людзей указалі, што іх турбуе адсутнасць патрэбных для паляпшэння гарадскога асяроддзя ведаў. Можна зрабіць здагадку, што гэта звязана з падвышэннем абазнанасці гараджан і гараджанак дзякуючы розным ініцыятывам нефармальнай адукацыі, а таксама з узрослай медыйнай пісьменнасцю, у прыватнасці, навыкамі знаходзіць у медыя патрэбную інфармацыю.

За апошнія паўгода прапорцыі эмоцый (станоўчых/адмоўных), якімі мяняюцца ў дваровых супольнасцях, не моцна змяніліся: пераважаюць негатыўныя пачуцці, выкліканыя навінамі, праблемамі двара, якасцю камунальных і адміністрацыйных паслуг і інш. Сярод негатыўных эмоцый можна вылучыць такія групы, як злосць, бяссілле, сум, страх, расчараванне і трывога, а таксама невызначана негатыўныя. Сярод станоўчых сустракаліся такія: суперажыванне, надзея, радасць, аптымізм, смех і іронія. Таксама нярэдка рэспандэнты і рэспандэнткі згадвалі «эмацыйныя арэлі».
Якімі эмоцыямі часцей за ўсё абменьваюцца людзі ў вашым дваровым супольнасці?
Негатыўны трэнд паказалі адказы на пытанне аб тым, з чым дапамагае спраўляцца дваравая супольнасць. Увосень амаль палова адказаў (47%) кажуць, што супольнасць ніяк не дапамагае (вясной такіх адказаў было 28%). Аднак павялічылася псіхаэмацыйная і сацыяльная функцыя супольнасцей: большы адсотак рэспандэнта_к адзначылі, што дзякуючы супольнасці яны спраўляюцца са стрэсам і знаходзяць новых сяброў і сябровак.
З чым вам дапамагае спраўляцца дваровая супольнасць?
Мы таксама спрабавалі даведацца, наколькі супольнасці гатовы ўдзельнічаць у зменах суседскай прасторы. Большасць адказаў казала пра гатовасць уключацца ў тыя ці іншыя актыўнасці па ператварэнні двара/прыдамавой прасторы. Часцей за ўсё гатовы ўдзельнічаць у невялікіх фізічных зменах: пасадка дрэваў, афарбоўка лавачак (40 %), а таксама далучыцца да ініцыятыўнай групы, але не арганізоўваць яе (38%). Пры гэтым з 7% да 16% вырасла колькасць людзей, якія плануюць з'язджаць з Беларусі і таму не гатовы ўдзельнічаць у зменах.
Ці адчуваеце вы гатоўнасць займацца зменамі вашага двара/супольнасці?
Што да назіранняў саміх рэспандэнтаў і рэспандэнтак за зменамі ў дваровых супольнасцях з красавіка 2021 года, то большасць (69%) адзначае, што за апошнія паўгода не назіралася ніякіх станоўчых змяненняў. Толькі паляпшэнне стасункаў паміж жыхарамі і жыхаркамі двароў (якое заўважылі 21%) складае заўважную альтэрнатыву гэтаму варыянту адказу.
Назавіце найбольш важныя для вашай дваровой супольнасці негатыўныя змены з красавіка 2021?
Сярод негатыўных змяненняў найчасцей адзначалі змену настрою сярод жыхароў і жыхарак на больш песімістычны і пасіўны (56%). Гэта заўважна і па эмоцыях, якімі найчасцей мяняюцца ўнутры супольнасці, а таксама па згадках пра ўзмацненне рэпрэсій і падзенне даходаў.
Назавіце найбольш важныя для вашай дваровой супольнасці пазітыўныя змены з красавіка 2021?

Высновы

Суседскія, у прыватнасці, дваровыя супольнасці як гарадскі феномен Беларусі існавалі і да 2020 года: сусед_кі і раней аб'ядноўваліся для вырашэння лакальных праблем, якія іх турбавалі. У той жа час менавіта за апошнія паўтара года ў суседскіх супольнасцях сталі актыўней казаць пра адказнасць за горад і шукаць шляхі паляпшэння якасці свайго жылога асяроддзя калектыўнымі, а не толькі індывідуальнымі высілкамі.

Як і ў другой палове 2020-га, у 2021-м гараджан_ак, суседскія супольнасці Беларусі па-ранейшаму цікавіць урбаністыка як такая; больш за тое, урбан-павестка дамінуе ў некаторых з іх. Абмен ведамі аказваецца адным з нешматлікіх даступных спосабаў (сама)падтрымкі супольнасці, калі суседзі і суседкі пазбыты магчымасці ўзаемадзейнічаць на іншых асновах. Аднак, ад супольнасці чакаюць не проста штодзённага камунікавання, а магчымасці пазітыўных змен праз самакіраванне і рэалізацыю права на горад; «супольнасць дзеля пачуцця супольнасці» ужо не задавальняе запыту, які склаўся.

У той жа час структурныя магчымасці рэалізаваць свае пажаданні і запыты змяншаюцца, што ўплывае на прыкладны патэнцыял добрасуседства. Гараджане і гараджанкі адчуваюць пагаршэнне якасці гарадскога асяроддзя (што ўключае інфраструктуру, камунальнае абслугоўванне, бяспеку на вуліцы і многае іншае), а таксама камунікацыі з адказнымі за яго інстытуцыямі. Відавочна, што такія неспрыяльныя для гарадскога ўдзелу ўмовы ўплываюць на характар запыту да асяроддзя: сёння ў ім пераважаюць матэрыяльныя змены, па функцыях не злучаныя з адначасовым знаходжаннем груп людзей у двары/агульнай фізічнай прасторы або з непазбежнай калектыўнасцю пры карыстанні. Так, азеляненне, велагаражы, асвятленне аказваюцца больш запатрабаванымі, чым столікі, дзіцячыя пляцоўкі, сцэны і г. д. Вялікая частка з усёй размаітасці згенераваных суседскімі суполкамі ідэй не атрымвае развіцця праз страх ініцыятывы, а таксама негатовасць і няўменне адказных службаў працаваць з запытам на развіццё горада знізу (а не толькі планам зверху).

Па шэрагу структурных прычын ініцыятыўнасць супольнасцей у 2021 скарацілася ў параўнанні з мінулым годам, але самі супольнасці не зніклі, а ў плане ўрбанізму ўсё яшчэ зацікаўлены ўдзельнічаць у паляпшэнні суседскай прасторы. Пры тым, што запыт на юрыдычнае замацаванне статусу супольнасці ўпаў пасля прававога дэфолту ў Беларусі, актыўныя ўдзельнікі і ўдзельніцы супольнасцей імкнуцца звяртацца менавіта да законных інструментаў вырашэння праблем, калі тыя даступныя. У той жа час, у суседскіх супольнасцях назапасіўся досвед па пошуку інфармацыі на ўрбаністычную тэматыку, самаадукацыі і параўнанні кейсаў, а таксама развіліся навыкі камунікацыі, аргументацыі і вядзення дыскусіі. Пакуль развіццё інстытутаў гарадскога ўдзелу ў Беларусі стагнуе, супольнасці дэманструюць усё большую здольнасць убачыць і апісаць праблемы, злучаныя з такой стагнацыяй.
Made on
Tilda